КРЫЧАЎСКАЯ СУДНАВЕРФ

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

КРЫЧАЎСКАЯ СУДНАВЕРФ

Ці было некалі на беларускіх землях сапраўднае мора? Насуперак доказам старажытнагрэцкага гісторыка Герадота, адны мяркуюць, што Беларусі не пашэнціла стаць марской дзяржавай. Іншыя ж лічаць, што не толькі мора Герадота плюскалася на палескіх прасторах, а нават Чорнае мора сягала  сюды сваімі берагамі.

Так ці інакш, а беларусы і сапраўды маюць непасрэднае дачыненне да марскіх традыцый. І не толькі таму, што многія нашы продкі былі адмысловымі мараходамі. З іхняга асяроддзя часта вылучаліся кемныя і таленавітыя суднабудаўнікі, праектанты, вынаходнікі, аўтары нязвыклых ідэй.

Ды з усіх марскіх старонак беларускай гісторыі найбольш значнай з’яўляецца крычаўская. Дагэтуль здзіўляе факт існавання ў Крычаве суднаверфі, якая спрыяла запачаткаванню расійскага Чарнаморскага ваеннага флоту. Спрычыніўся да гэтай справы  вядомы расійскі дзяржаўны і ваенны дзеяч граф Рыгор Пацёмкін. Пасля ўдзелу ў палацавым перавароце, у выніку якога на царскі трон узышла Кацярына ІІ, Пацёмкін стаў фаварытам імператрыцы, атрымаў у валоданне шмат беларускіх земляў. З 1776 года яму належала і Крычаўская воласць.

Як чалавек кемны і з вялікімі грашыма, граф імкнуўся з выгадай скарыстаць багацці. Вось і заманулася яму ператварыць заштатны Крычаў у прамысловы і гандлёвы цэнтр заходнееўрапейскага тыпу. Ён запрасіў у графства вядомага англійскага філосафа, сацыёлага і юрыста І. Бентама, які дапамог у пабудове Крычаўскай суднаверфі.

Сам жа Пацёмкін у гэты час займаўся прамысловым асваеннем Паўночнага Прычарнамор’я. Ён кіраваў будаўніцтвам ваеннага і гандлёвага флатоў на Чорным моры, узвядзеннем новых рускіх гарадоў. Вось тады граф звярнуў  пільную ўвагу на Крычаў. Незадоўга да гэтага звыклы рытм жыцця быў парушаны тут неверагодным здарэннем: у 1743--44 гадах адбылося антыфеадальнае паўстанне сялян, на чале якога стаяў Васіль Вашчыла. Аднак гаспадары Крычаўскага староства Радзівілы задушылі ваяўнічы дух бунтаўшчыкоў. Разважны розум Пацёмкіна  прывёў да высновы, што сяляне, звыш галавы загружаныя працай, не будуць мець часу на вольналюбівыя памкненні.

Калі ў 1778 годзе пачыналася будаўніцтва Херсонскага адміралцейства, там працавалі каля тысячы беларусаў з уладанняў графа Пацёмкіна. А ў 1785 годзе паводле ягонага загаду ў Крычаве была збудавана суднаверф, якая мела заняць працай практычна ўсіх сялян воласці. Яна прызначалася для забеспячэння ваеннага флоту на Чорным моры і будаўніцтва рачных суднаў. Было створана нават Крычаўскае аддзяленне Херсонскага адміралцейства. Тут узвялі высокую стромую вежу з варотамі, са шпілем і абавязковым караблікам на ім. Такой адметнасці не меў ні адзін беларускі горад.

Крычаўская суднаверф знаходзілася на рацэ Сож, якая праз Днепр была звязана з Херсонам і Краменчугом. Даследчык крычаўскай даўніны Андрэй Меер зазначаў, што “Крычаў тым хутчэй здабудзе сабе славу, калі на такой рацэ мець будзе ў сябе верф, якая не толькі Чарнаморскі флот забяспечваць будзе дваццацігарматнымі і іншымі ваеннымі караблямі, але і вырабляць у сябе розныя карабельныя прыпасы, прадаваць іх чужым, а жадаючым скарыстацца з чарнаморскага гандлю гандлёвыя караблі за грошы дастаўляць здолее”. Практычна так і сталася. Беларускія вытворцы пастаўлялі для Чарнаморскага  ваеннага флоту парусіну і канаты, мачтавы і будаўнічы лес. Неўзабаве Крычаўскае графства стала галоўным экспарцёрам драўніны для патрэб флоту. Нават жыхары Рагачова і Чэрыкава нарыхтоўвалі мачтавы лес, які на плытах і барках адпраўляўся ў далёкае чарнаморскае падарожжа.

Крычаўскія майстры дбайна шчыравалі на паруснай і канатнай мануфактурах. Сяляне-ткачы выраблялі  тканіну для карабельных ветразяў, а майстры канатнай мануфактуры прадукавалі 13 відаў канатаў. Крычаўскае графства неўзабаве заняло першае месца па забеспячэнню Херсонскага адміралцейства канатамі, парусінай і такелажам. Аднак самым значным прадпрыемствам лічылася суднаверф. На  беразе Сожа быў збудаваны док, меліся  вялікія вытворчыя памяшканні, чарцёжныя і прамысловыя майстэрні.

Выключная майстравітасць і ўвішнасць тутэйшых працаўнікоў спрыялі таму, што Пацёмкін не баяўся даручыць ім самыя складаныя заданні. Літаральна праз год пасля адкрыцця верфі крычаўскія майстры збудавалі першую рачную флатылію з 13 яхтаў і 12 ластавых суднаў. Прызначалася яна для самой Кацярыны ІІ, якая праз год павінна была падарожнічаць  у Наваросію. Судны маглі плысці як пад ветразямі, так і на вёслах.

У 1787 годзе імператрыца наведала Беларусь. Па дарозе ў Крым яна мела гонар “ашчаслівіць” сваёй прысутнасцю Мсціслаў, Крычаў, Прапойск, Чачэрск, Гомель. У Крычаве высокая асоба з’явілася 19 студзеня і “изволила” абедаць і начаваць у палацы свайго даўняга фаварыта графа Пацёмкіна.

У тым жа годзе намаганнямі Пацёмкіна закончылася будаўніцтва ваеннага Чарнаморскага флоту. Быў ён драўляны, з беларускага лесу таксама, з крычаўскімі мачтамі, канатамі, ветразямі. Камандаваць ім даверылі вядомаму рускаму флатаводцу, будучаму адміралу Ф.Ушакову. Увайшла туды і флатылія, збудаваная для Кацярыны. Крычаўская суднаверф спыніла сваё існаванне на пачатку ХІХ стагоддзя.