МАЛАМАЖЭЙКАЎСКАЯ ЦАРКВА-КРЭПАСЦЬ

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

МАЛАМАЖЭЙКАЎСКАЯ ЦАРКВА-КРЭПАСЦЬ

Як толькі царкоўны звон пакліча на святую малітву, вернікі вёскі Мураванка, што ў Шчучынскім раёне, спяшаюцца да тутэйшага храма. Вось ужо амаль 500 гадоў узвышае людскі дух Мураванкаўская царква-крэпасць, больш вядомая як Маламажэйкаўская. Але чаму царкву назвалі крэпасцю?

Шаснаццатае стагоддзе для Вялікага княства Літоўскага лічылася ці не самым ваяўнічым.  Шмат разоў пешыя і конныя ворагі намагаліся захапіць нашыя землі. Таму нашы продкі імкнуліся ўмацаваць свае паселішчы, узводзілі абарончыя збудаванні. Аднак у Вялікім княстве, як і ва ўсёй тагачаснай Еўропе, мураваныя замкі былі прывілеяй найбольш важных гарадоў. Абараняць жа патрабавалася і іншыя паселішчы. Вось чаму абарончую моц сталі надаваць ратушам, жылым дамам, сядзібам, цэрквам, манастырам.

Да ліку такіх збудаванняў можна аднесці Полацкі Сафійскі сабор, які на мяжы ХV – ХVІ стагоддзяў быў перабудаваны ў храм-крэпасць з пяццю вежамі, Сынковіцкую царкву-крэпасць на Зэльвеншчыне, кальвінісцкі збор у в. Асташына на Навагрудчыне, дом феадала ў в. Гайцюнішкі Воранаўскага раёна.  Такі характар мае і Маламажэйкаўская Свята-Раства-Багародзіцкая царква-крэпасць.

Па адных звестках, гэты помнік абарончага дойлідства гатычна-рэнесанснага стылю быў узведзены ў 1407 годзе. 13 мая 1907 года нават урачыста адзначалася 500-годдзе з часу яго заснавання. Аднак згодна  з пазнейшымі даследаваннямі лічыцца, што царква збудавана ў 1524 годзе. Сродкі на яе выдаткаваў віленскі падканюшы Шымко Мацкевіч Шкленскі.

Мураванкаўская царква мела шчодрыя ахвяраванні ад роду Сапегаў, Завішаў, іншых знаных людзей. На пачатку ХVІІ стагоддзя яна была адной з самых багатых на беларускай зямлі. А яшчэ ходзіць показка, што Шымко паклапаціўся і пра магчымы “чорны дзень” для царквы. У ягонай труне знайшлі запіску, у якой гаварылася аб схаваных скарбах на патрэбы храма. Было гэта напрыканцы ХVІІІ стагоддзя.

Пра запіску, золата і іншыя багацці, нібыта схаваныя ў труне заснавальніка храма, даведаўся царкоўны апякун зайздросны і злосны пан Кастравіцкі. Гэта стала сапраўднай трагедыяй для тамашняга святара Пятра Афанасевіча. Пан патрабаваў, каб той аддаў знойдзеныя багацці. Палохаў бацюшку, збіваў сям’ю. Нічога не знайшлі, а раз’юшаны пан загадаў задушыць жонку і маці святара, катаваць ягонага брата. Аднак  скарбы не знаходзіліся.

Тады ад злосці пан спаліў усе дакументы па гісторыі Мураванкі. Пасля прымусіў перакапаць зямлю ў лёхах і вакол храма, абстукаць усе сцены, разабраць дах. Золата не знайшлі. Каб хоць як адпомсціць царкве і яе служкам, звар’яцелы пан забраў з храма ўсё дабро, зняў багата аздобленыя вароты і перавесіў на свой хлеў. Шмат благога натварыў пан, каб адвадзіць людзей ад царквы, ад праваслаўнай веры. Ды абарончая і духоўная моц, Божае заступніцтва паспрыялі і на гэты раз. Нездарма, значыць, Мураванка называлася царквой-крэпасцю.

 Па архітэктуры яна нагадвала сярэднявечныя замкі. Сцены ў тэхніцы гатычнай муроўкі былі выкладзены з моцнай, як жалеза, цэглы. У падзямеллях меліся памяшканні для зброі і вайсковага рыштунку, царкоўных рэчаў. Па кутах узвышаліся 4 магутныя круглыя шатровыя вежы, якія разам з абарончым поясам у верхняй частцы храма надавалі яму баявую магутнасць. Трапіць у вежы  можна было толькі знутры царквы па стромых і пакручастых каменных лесвіцах. Меўся таемны ход і гэткія ж выйсці ў сценах.

Царкву-крэпасць ад звычайнага храма адрознівалі байніцы ў сценах і вежах. Яшчэ на пачатку ХІХ стагоддзя ўваход, як і ў Мірскім замку, абаранялі важкія жалезныя дзверы-герса, якія апускаліся на моцных ланцугах са спецыяльнай нішы ўгары. У паддашшы над скляпеннямі мелася баявая галерэя. На жаль, прагавіты час не пашкадаваў гэтых сярэднявечных абарончых прыкмет.

Архітэктурную непаўторнасць царкве надавалі вежы. Яны ўзвышаліся высока над страхой, якая была пакрыта чарапіцай, што нагадвала рыбіну луску. Гладкія чырвоныя сцены ажыўляліся атынкаванымі і пабеленымі нішамі, дэкаратыўным арнаментам. А на галоўным фасадзе, пад самым франтонам, і да гэтага часу цешыць вока, прыязна ззяе на сонцы вялікае акно-ружа.

Цягам усёй сваёй гісторыі Маламажэйкаўская царква служыла то храмам, то крэпасцю, не раз ратавала чалавечае жыццё. Ворагі баяліся яе не толькі таму, што вітаў там святы дух, але і таму, што абаранялася яна адважна і адчайна. Здарылася так, што разгневаныя шведы вырашылі не адступацца, пакуль не паквітаюцца з няскоранай царквой. Ды намеры іхнія не  здзейснліся. Нават шведскі кароль ваяўнічы Карл ХІІ быў здзіўлены гэткім супраціўленнем. Загадаў абстраляць царкву з гармат. Марна патрацілі час, паклалі сваіх вояў, а Мураванку не захапілі. Як напамінак пра той час пад цаглянай падлогай храма знаходзілі шведскія ядры.

Моцна пашкоджаны храм выстаяў. Аднак пазнейшыя спусташэнні і разбурэнні давялі царкву да жабрацкага стану. На самым пачатку ХІХ стагоддзя з Вільні ў Гродна ехаў расійскі імператар Аляксандр І, ён зацікавіўся руінамі Маламажэйкаўскай царквы. Яе велічны нават у развалінах выгляд уразіў цара. Самадзержац загадаў неадкладна адрамантаваць царкву. Але хутка загады аддаюцца, ды не так спраўна выконваюцца. Толькі 21 студзеня 1873 года пасля грунтоўнага рамонту, падчас якога Мураванка многае страціла са свайго першапачатковага вобліку, адбылося  паўторнае асвячэнне святыні. Над вежамі з’явіліся крыжы, у адной з іх зроблена званіца. Устаноўлены новы іканастас.